ВАЕ́ННЫЯ ДЗЕ́ЯННІ,
арганізаванае выкарыстанне ўзбр. сіл дзяржавы ў вайне. У залежнасці ад маштабаў узбр. барацьбы, магчымасцяў войск, мэт і характару баявых задач ваенныя дзеянні вядуцца на зямлі, у паветры, на моры ў форме баёў, бітваў, аперацый, удараў, баявых дзеянняў (сістэматычных баявых дзеянняў сіл ППА, ВПС і ВМФ). Сучасныя ваенныя дзеянні маюць вял. прасторавы размах, высокую манеўранасць, дынамічнасць і скарацечнасць, у ваенных дзеяннях удзельнічаюць буйныя групоўкі войск (сіл), шырока выкарыстоўваюцца ўсе віды зброі і баявой тэхнікі. Пад тэрмінам «ваенныя дзеянні» маюцца на ўвазе дзеянні стратэг. маштабу; дзеянні аператыўна-тактычнага маштабу наз. «баявыя дзеянні».
т. 3, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)